Расеец, які расчараваўся ў ДНР, адпраўляецца ў Сырыю
«Я цяпер як наркаман шукаю баявыя дзеяньні. Страшна першы раз паехаць, а потым ужо не спыніць. Хачу пабываць у тых баях».
У красавіку 2015 на сайце Свабоды было апублікавана інтэрвію з расейскім прадпрымальнікам Бондам Дароўскіх, які пад уплывам телепрапаганды вырашыў змагацца з «фашызмам» і адправіўся добраахвотнікам на ўсход Украіны. Дароўскіх прынялі ў брыгаду «Прывід» Аляксея Мазгавога ў Луганскай вобласьці, затым ён ваяваў на тэрыторыі ДНР. Але, апынуўшыся на Данбасе, Бонда Дароўскіх выявіў, што там адбываецца зусім ня тое, пра што ён марыў. «Калі трапляеш туды, літаральна зь першых хвілінаў разумееш, што гэта не воінскае падразьдзяленьне — гэта банда самая сапраўдная», — распавядаў ён. Усьвядоміўшы, што прапаганда яго падманула, Бонда Дароўскіх вярнуўся ў Расею і стаў падумваць аб тым, каб адправіцца на вайну, але ўжо зь іншага боку — у адзін з атрадаў Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.
Публікацыя аповеду Бонды Дароўскіх пра будні сэпаратысцкіх рэспублік выклікала прыкметны рэзананс, і ім зацікавіліся расейскія спэцслужбы. Дароўскіх адправіўся ў Кіеў, але знаёмыя адгаварылі яго ўступаць у адзін з батальёнаў, якія ўдзельнічаюць у ваеннай апэрацыі. Неўзабаве Дароўскіх прыйшоў да высновы, што галоўнае змаганьне сіл дабра з сіламі зла адбываецца на Блізкім Усходзе, і стаў зьбіраць аднадумцаў, гатовых змагацца з «Ісламскай дзяржавай» ў Сырыі.
«Я цяпер як наркаман шукаю баявыя дзеяньні. Страшна першы раз паехаць, а потым ужо не спыніць. Хачу пабываць у тых баях», напісаў ён карэспандэнту Свабоды Дзьмітрыю Волчаку. У сваім Фэйсбуку Дароўскіх тлумачыў: «Рэальная дапамога ад Расеі ў Сырыі можа зыходзіць толькі ад іх грамадзянаў, гэта значыць добраахвотнікаў у дадзеным выпадку. Каб Расея там разгарнула свой кантынгент, ёй неабходна там стварыць групоўку як мінімум з 60-80 тысяч чалавек, але мы цяпер не СССР, і гэта нерэальна. Таму мы туды едзем самастойна, і тыя ж апалчэнцы, што знаходзяцца на баку Асада і падтрыманыя афіцыйным Дамаскам, нас не чакаюць і нам нават не адказваюць на нашы просьбы аб прыняцьці ў іх шэрагі. А той жа Башар Асад кажа пра недахоп байцоў ... А галоўнае — арганізацыя дастаўкі добраахвотнікаў туды і назад, а гэта ўсяго 80 000 рублёў у абодва канцы, з умовай знаходжаньня ня менш за 6 месяцаў ».
У верасьні Бонда Дароўскіх паведаміў, што дасягнутая дамоўленасьць з курдамі, якія ваююць у Сырыі і гатовыя прыняць добраахвотнікаў з Расеі. Першая група расейскіх добраахвотнікаў з 12 чалавек адправілася ў Ірак 22 верасьня, а Бонда Дароўскіх вырашыў адкласьці свой ад’езд на некалькі дзён. Перад яго адбыцьцём на вайну была запісаная гэтая размова.